СПАРТЫ́ЎНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ, добраахвотныя спартыўныя таварыствы (ДСТ),

масавыя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі грамадзян для заняткаў фізкультурай і спортам.

Ствараліся паводле тэр. і вытворча-галіновай адзнак. Пярвічнымі арг-цыямі ДСТ былі калектывы фіз. культуры і спарт. клубы прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, навуч. устаноў. У СССР дзейнічалі 7 усесаюзных С.т.: «Буравеснік», «Воднік», «Дынама», «Зеніт», «Лакаматыў», «Спартак», «Працоўныя рэзервы»; 30 рэсп. ДСТ (15 з іх аб’ядноўвалі калектывы фіз. культуры прамысл. прадпрыемстваў і інш., 15 — сельскія спарт. калектывы). У інш. краінах аналагам С.т. з’яўляюцца аматарскія і прафес. спарт. клубы.

На Беларусі да 1917 існавалі аддзяленні ўсерас. «Т-ва садзейнічання фіз. развіццю вучнёўскай моладзі», С.т. «Санітас», «Сокал», «Унітас», яўр. нац. С.т. «Макабі» і інш. З 1930-х г. дзейнічалі рэсп. арг-цыі ўсесаюзных ДСТ: «Лакаматыў» (з 1936), «Працоўныя рэзервы» (з 1944), «Дынама», «Спартак», «Буравеснік» (з 1958), «Воднік» (з 1964); рэсп. т-вы «Ураджай» (сельскае, з 1956), «Чырвоны сцяг» (прафсаюзнае, з 1958). У 1985—93 пасля рэарганізацый С.т. раз’яднаны на асобныя фізкультурна-спарт. клубы і арг-цыі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)